Но позвольте, как же он служил в очистке?

Но позвольте, как же он служил в очистке?

Некаторыя аналітыкі ўжо выказаліся адносна запісу нарады з удзелам асобы, чый голас падобна на голас аднаго з кіраўнікоў МУС. Дазволім сабе дапоўніць іх меркаваньні некаторымі высновамі (большасьць з іх ня новыя, але аўдыёзапіс зьнішчыў апошнія сумненьні адносна іх слушнасьці).

Пачнем са штодзённага, пабытовага. Пры Лукашэнку беларусы ведалі, што сустрэча з міліцыянерам можа пагражаць іх свабодзе і здароў'ю. Цяпер яны павінны ўсьвядоміць, што гэта можа быць і пагроза жыцьцю – у выпадку, калі міліцыянер чамусьці западозрыць, што вы «ідзеце на яго», ён можа стрэліць вам у лоб. І яму за забойства нічога ня будзе.

Таму ідэальная мадэль паводзінаў у выпадку, калі вы ўбачылі міліцыянера – перайсьці на другі бок вуліцы, а лепш за ўсё – не трапляцца яму на вочы. Так, як рабілі нашы дзяды і прадзеды ў часе вайны , калі бачылі фашысцкі патруль.

Тое, што ў міліцыі людзі з выразнымі садысцкімі схільнасьцямі, пацьвердзіў жнівень 2020-га. Цяпер відавочна, што такія людзі ёсьць і на чале сілавога блоку. Нават не знаходзячыся на сваіх пасадах і ня маючы права на зброю, яны б уяўлялі б пагрозу грамадзтву.

Між іншым, спадзяваньні, што пасьля падзеньня рэжыму вінаватыя ў рэпрэсіях будуць асуджаныя, могуць апраўдацца ня ў поўнай ступені: некаторых могуць прызнаць псыхічна хворымі («Но позвольте, как же он служил в очистке?»).

Асноўная (і адзіная) функцыя сілавікоў – абарона Лукашэнкі, ягонай сям'і, дэпутатаў і супрацоўнікаў апарату. Пра гэта на аўдыёзапісу заяўлена адкрыта. Усе астатнія 9,5 мільёнаў чалавек разглядаюцца як патэнцыйныя ворагі, «лішнія», якіх ня толькі можна, але і ТРЭБА зьнявечыць, пакалечыць ці забіць (прывітаньне тым, хто і цяпер ня згодны, што ў Беларусі не ўсталяваўся фашысцкі рэжым).

Канстытуцыя і законы ў краіне больш ня дзейнічаюць. Пасьля Лукашэнкі, найбольш уплывовымі асобамі зьяўляюцца сілавікі.

Ідзе падрыхтоўка да разьмяшчэньня палітычных апанэнтаў у канцэнтрацыйных лягерах, як у СССР часоў Сталіна і Германіі часоў Гітлера.

Маштаб рэпрэсій будзе павялічвацца. Пры тым, што яны ўжо набылі масавы характар – колькасьць рэпрэсаваных са жніўня дасягнуў 30 тысяч чалавек, гэта 0,3% насельніцтва. У праекцыи на СССР ці на цяперашнія ЗША гэта было б больш як мільён.

Кіраўніцтва краіны адмаўляецца ад выкананьня якіх бы то ні было міжнародных прававых абавязальніцтваў, калі гэта тычыцца рэпрэсій. Даводзіцца прызнаць, што сусьветная супольнасьць (у тым ліку ААН, ЭЗ, ЗША) ня здолелі колькі-небудзь эфэктыўна абмежаваць Лукашэнку ў ягонай вайне супраць народа. Самы дзейсны і цалкам даступны для Захаду мэтад – ціск на Расею як на галоўнага палітычнага і сілавога спонсара рэжыму – не прыменены.

Дяржаўны апарат і ягоны кіраўнік разглядаюць Беларусь як фарпост Расеі. Паняцьці «дзяржава як апарат» і «дзяржава як краіна» ня толькі адасобіліся, але і ўвайшлі ў супрацьстаяньне.

Пачынаючы з 1994, Лукашэнка зьневажаў і зьнішчаў тое, што зьяўляецца базісам існаваньня любой сувэрэннай дзяржавы, а менавіта – нацыянальную ідэнтычнасьць, мову, гістарычныя сімвалы, культуру. Гэтая нянавісьць перададзеная сілавому блоку. Зафіксаваныя выпадкі, калі людзей катавалі і зьбівалі за адну толькі беларускую мову; колькасьць судовых працэсаў за нацыянальны сьцяг ужо ідзе на дзесяткі. На мове міжнароднага права гэта балянсуе паміж этнацыдам і генацыдам.

Лукашэнка і сілавыя міністры гатовыя аддаць Беларусь Расеі пры дылеме «Незалежнасьць альбо ўласная бясьпека». Ці атрымаецца ў іх гэта – залежыць ад згуртаванасьці беларускага народа.