Міласэрнасьць

Міласэрнасьць

Сытуацыя ў Беларусі далёкая да гумару, алі ўсё ж калісьці пачуты на нью-ёрскім Брайтане анэкдот:

Сёма ўзносіць малітву да Бога: «Госпадзе! Вось ужо дзесяць гадоў я штодня прашу цябе, каб ты дапамог мне выйграць у латэрэю аўтамабіль, а ты глухі да маіх малітваў!».

І тут разьвяргаюцца нябёсы, і зьяўляеца Гасподзь:

«Сёма! Дай мне шанец! Купі хоць раз латэрэйны білет!»

Вось так і Аляксандар Рыгоравіч: ён ня даў кіраўніцтву Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі ніводнага шанцу пакінуць Менск у якасьці пляцоўкі для ЧС-2020.

Аўтар гэтых радкоў быў не адзіны, хто пісаў, што ў час прыезду ў Менск Рэнэ Фазэля Лукашэнка вызваліць з турмы грамадзянку Швэйцарыі Натальлю Хершэ (2,5 гады за сарваную з сілавіка маску), і яшчэ двух-трох палітзьняволеных, ня важна каго — ключавое слова тут «вызваліць».

Ведаючы шчырае жаданьне Фазэля дагадзіць сябру, можна меркаваць, што ён скарыстаў бы жэст Лукашэнкі на 300% і падаў бы яго як першы крок да «дыялёгу», прычым падкрэсьліўшы, што пад маркай чэмпіянату ўдалося тое, чаго не ўдавалася прэзыдэнтам і прэм'ерам пад пагрозай санкцыяў; дык ці ня варта падтрымаць Лукашэнку на шляху міласэрнасьці?

Прызнаюся: я быў перакананы, што Натальлю Хершэ таму і схапілі, таму і пасадзілі, каб потым скарыстаць у якасьці казырнай карты, кінуць падчас дэбатаў пра чэмпіянат.

Пасыпаю галаву попелам: я не ўлічыў, што паняцьці «міласэрнасьць» і «Аляксандар Рыгоравіч» не перасякаюцца. Ніколі. Нават калі гэта ў інтарэсах Аляксандра Рыгоравіча.